Уводзіны
На сённяшні дзень можна з упэўненасцю сказаць, што народная памяць яшчэ недастаткова ўспрыняла веліч і трагізм тых гераічных дзён. Яна патрабуе паглыбленага вывучэння розных бакоў мінулага Беларусі, асабліва такіх вузлавых момантаў, якімі адзначаліся вясна, лета і восень 1794 года.
Складаны лёс Беларусі адбіўся ў перамогах і паразах 1794 года - першага нацыянальна-вызвольнага паўстання, скіраванага на змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай.
На жаль, занадта доўга падзеі, звязаныя з паўстаннем Касцюшкі, апісваліся вельмі фрагментарна, з дастатковай колькасцю памылак і недакладнасцяў. Усё гэта, у сваю чаргу, не дазваляла скласці аб'ектыўнае ўяўленне пра тыя працэсы, што адбываліся напрыканцы ХVIII стагоддзя на Беларусі. Таму для большасці беларусаў гэты час і ягоныя героі не ўспрымаліся як частка нацыянальнай гісторыі і не былі прадметам гонару ды шанавання.
Складвалася ўяўленне, што на гэтых тэрыторыях разыграваліся падзеі, у якіх чужынцы вырашалі свае палітычныя задачы, а беларусы не мелі да гэтага ніякага дачынення. Любы народ гэткую пастаноўку пытання ўспрымаў бы як прыніжэнне нацыянальнай годнасці.
Аднак раней нярэдка па-за дужкамі гістарычнага апісання заставаліся і ўдзел нашых суайчыннікаў у паходах ды бітвах 1794 года, і адметнае месца Беларусі ў паўс танні. Не прымаліся пад увагу факты ўдзелу беларусаў як у расійскіх войсках, так і ў войсках паўстанцаў, што надавала б падзеям 1794 года рысы сапраўднай грамадзянскай вайны. Гэта стала адной з прычын адсутнасці дэталёвых апісанняў бітваў, якія мелі месца на беларускіх землях. На доўгія гады галасы ўдзельніў 1794 года гучалі прыглушана ці ўвогуле маўчалі.
Менавіта вышэйадзначаныя факты пацвярджаюць і даказваюць актуальнасць тэмы даследавання нашай курсавой работы ("Паўстанне 1794 года на Беларусі").
Мэта дадзенай курсавой работы заключаецца ў тым, каб дэталёва і ўсебакова разгледзець перадумовы, ход падзей і вынікі паўстання 1794 года на Беларусі.
У адпаведнасці з акрэсленай вышэй мэтай і актуальнасцю, варта вызначыць наступныя задачы:
- Прааналізаваць гістарычную літаратуру па тэме даследавання;
- Разгледзець эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча Рэчы Паспалітай напярэдадні паўстання;
- Ацаніць ролю дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі ў ходзе паўстання;
- Вызначыць асноўных кіраўнікоў паўстання на Беларусі;
- Прааналізаваць вынікі паўстання 1794 года для Беларусі.
Аб'ектам даследавання выступае паўстанне 1974 года.
Прадметам даследавання дадзенай курсавой работы з'яўляецца грамадска-палітычны працэс Беларусі канца стагоддзя.
Бібліяграфия па тэме даследавання ўключае наступныя працы. Так, вывучэнню жыццёвага шляху і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі прысвечаны шэраг даследаванняў беларускіх навукоўцаў. Адзначаным вышэй пытаннем займаліся: Талочка М. ("Пан Тадэвуш"), Юхо Я. ("Наш нацыянальны герой"; "За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка"; "Нарадзіўся я ліцьвінам…": Тадэвуш Касцюшка"), Чаропка В. ("Сябар прыгнечаных, вораг прыгнятальнікаў".Тадэвуш Касцюшка"), Несцярчук Л. ("Герой ЗША і Польшчы вяртаецца ў Мерачоўшчыну", "Бацькаўшчына Тадэвуша Касцюшкі"), Бензярук А. ("Пад зоркаю Касцюшкі", "Загадка Тадэвуша Касцюшкі".
Анатоль Грыцкевіч у сваёй працы ("Ідэя незалежнасці Беларусі ў гістарычным аспекце і ў сучаснасці") звяртаецца да разгляду перадумоў і асноўных ідэй, мэтаў паўстання. Так, аўтар сцвярджае, што менавіта ідэя незалежнасці Беларусі была галоўнай падчас паўстання 1794 г., якое ахапіла Заходнюю Бедарусь і Літву і ішло ў адным рэчышчы з паўстаннем у Польшчы.
В.Гігін займаецца даследаваннем невядомых і забытых фактаў падзей паўстання 1794 года. У прыватнасці, аўтар звяртаецца да аналізу ўзаемасувязяў і ўзаемадачыненняў лёсаў А.Суворава і Т.Касцюшкі.
ГЛАВА І. ЭКАНАМІЧНАЕ І САЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ НАПЯРЭДАДНІ ПАЎСТАННЯ 1794 ГОДА
1.1. Заняпад Рэчы Паспалітай і яе першы падзел
Прычыны паўстання 1794 года непасрэдна звязаныя з падзеямі, што адбываліся ў гэтыя часы ў Рэчы Паспалітай, а ў прыватнасці - з двума яе падзеламі, якія прайшлі напярэдадні выступлення Т.Касцюшкі.
Заняпад, а ўслед за ім і знікненне з карты Еўропы некалі магутнай дзяржавы былі абумоўлены шэрагам прычын.
Шматлiкiя войны знясілілі Рэч Паспалітую эканамічна. Разбурэнні, прынесеныя шведскім "патопам" (1655-1660), вайной з украінскім казацтвам (1648-1654) і Расіяй (1654-1667), Паўночнай вайной (1700-1721), выклікалі ў дзяржаве дэмаграфічны і гаспадарчы крызіс, адкiнулі на дзесяткi гадоў назад яе ў эканамічным развiццi.
Шэраг прычын заняпаду Рэчы Паспалітай быў закладзены ў самім яе грамадскім і дзяржаўным ладзе. У той час, як суседнiя дзяржавы перажывалi ўздым i пашыралi свае тэрыторыi, Рэч Паспалiтая "трымалася беспарадкам". Яна апынулася ў стане поўнай анархii i бязладдзя, якiя сталi вынiкам злоўжывання "залатымi шляхецкiмi вольнасцямi". У боязі згубiць свае правы і прывілеі літвінска-польская шляхта рашуча супрацiўлялася любым рэформам. Прынцып "непарушнасцi" палiтычнага ладу знайшоў адлюстраванне ў канстытуцыi 1669 г.: "... нiякая навiна ў Рэчы Паспалiтай не можа быць дапушчаная як пагроза разлажэння i вялiкiх рэвалюцый".
|